Сумесны праект "Слухаем класіка" (да 140-годдзя Янкі Купалы)

Канал “Культура” Беларускага радыё і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы рыхтуюць сумесны праект “Слухаем класіка” з нагоды 140-годдзя з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі.

На працягу юбілейнага года ў апошнюю суботу кожнага месяца ў праграме “Прачулым радком” у эфіры прагучаць творы Янкі Купалы са зборніка “Спадчына” ў выкананні артыстаў мінскіх тэатраў.

Мастацкае чытанне будзе суправаджаць літаратурна-гістарычная даведка пра гісторыю стварэння паэтычных радкоў, падрыхтаваная навуковымі супрацоўнікамі музея Янкі Купалы.

На першую сустрэчу ў эфіры 29 студзеня запрошаны народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. У выкананні мэтраў Купалаўскай сцэны прагучаць дэбютны верш Янкі Купалы “Мужык” (1905) і знакамітая “Спадчына” (1918), якая дала назву чацвёртаму паэтычнаму зборніку паэта, што выдадзены ў Мінску Беларускім кааператыўным таварыствам “Адраджэнне” 100 гадоў таму, у 1922 годзе.

Творчая спадчына Янкі Купалы – каштоўны здабытак беларускай і сусветнай культуры. У паэтычным свеце, створаным класікам нацыянальнай літаратуры, увасобіўся духоўны скарб, назапашаны нашымі продкамі, гарманічна паядналіся лепшыя здабыткі народнай паэтыкі і еўрапейскай літаратурнай традыцыі. Для суайчыннікаў Купала стаў Прарокам адраджэння Бацькаўшчыны, а для нашых блізкіх і далёкіх суседзяў – голасам Беларусі.

Праект “Прачулым радком” выходзіць на канале “Культура” па суботах і нядзелях у 08:05 і 12:05. Выпускі даступны ў аўдыяархіве праграмы.