Святочны эфір да Дня Перамогі

Канал “Культура” ў эфіры да Дня Перамогі, які  пачаўся напярэдадні свята, расказвае пра адпаведныя падзеі ў краіне, прапануе тэматычныя сустрэчы і мастацкія творы, прысвечаныя Вялікай Перамозе. У перадачы “Літаратурная анталогія” агучваюцца старонкі аповесці Васіля Быкава “Пайсці і не вярнуцца”, па буднях у дзіцячым праекце “Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя” з пачатку мая гучаць вершы беларускіх паэтаў пра вайну і Перамогу ў выкананні юных слухачоў. У перадсвяточныя выхадныя, 7–8 мая, у праграме “Радыётэатр плюс” прагучыць спектакль “Кар’ер” па аднайменнай аповесці Васіля Быкава. У нядзелю ў “Музычным радыётэатры” слухачоў чакае опера Віталя Губарэнкі “Альпійская балада” паводле Васіля Быкава, а таксама музыка да балета Уладзіміра Кандрусевіча “Крылы памяці”, прысвечанага маці, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайне страціла сыноў. У суботнім праекце “Музычная студыя” прагучыць падарунак да Дня Перамогі ад Акадэмічнага хору і сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Пра кніжныя навінкі айчынных выдавецтваў да свята пазнаёміць суботняя праграма “Кнігарня”. Нядзельная перадача “Натхнёныя музыкай” прапануе фондавыя ўспаміны саліста беларускай оперы, заслужанага артыста Міхаіла Дружыны. 

Непасрэдна ў святочны дзень, 9 мая, прыхільнікі спецыялізаванай радыёхвалі пачуюць вершы Алеся Бачылы, вакальна-сімфанічную паэму “Ваенныя пісьмы” Валерыя Гаўрыліна, творы “Вечна жывыя” Генрыха Вагнера і “Партызанская быль” Уладзіміра Алоўнікава, фрагменты балета Яўгена Глебава “Альпійская балада”, песні Мацвея Блантэра і Леаніда Захлеўнага, іншыя вядомыя ваенныя мелодыі і музычныя прысвячэнні подзвігу савецкага народа.

Пра беларускіх пісьменнікаў, якія адлюстроўвалі тэму вайны ва ўласных творах, пойдзе гаворка ў публіцыстычнай перадачы “Дыялогі пра культуру”. У праграме “Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя” адбудзецца сустрэча са скульптарам, адным з аўтараў праекта мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая-крэпасць-герой” Анатолем Арцімовічам, прагучыць мастацка-дакументальная паэма “Вогненная балада” Міколы Чарняўскага, адбудзецца віртуальная вандроўка па Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Кульмінацыяй святочнага дня стане трансляцыя канцэрта Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі і Узорна-паказальнага аркестра Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, які адбыўся 5 мая на сцэне Белдзяржфілармоніі. У праграме “Канцэртная зала” прагучыць сімфонія № 7 “Ленінградская” Дзмітрыя Шастаковіча.