7 ліпеня - эфір да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

7 ліпеня на канале “Культура” Беларускага радыё пройдзе эфірны дзень, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Юбілею папярэднічалі тэматычныя выпускі публіцыстычнай праграмы “Дыялогі пра культуру”, куды былі запрошаны супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея класіка, знаўцы і аматары спадчыны песняра.

Святочны чацвер пачнецца вершамі Янкі Купалы ў ранішняй рубрыцы “Адным штрыхом”. На працягу ўсяго дня ў эфіры будуць гучаць радкі Янкі Купалы, фрагмент яго паэмы “Бандароўна”, музычныя творы на словы класіка, сярод якіх, у прыватнасці, араторыя Дзмітрыя Смольскага “Паэт”, славутыя кампазіцыі Уладзіміра Мулявіна ў запісе ансамбля “Песняры”. Таксама слухачоў чакаюць фрагменты музыкі Сяргея Картэса да фільма “Раскіданае гняздо” па п’есе Янкі Купалы і іншае.

Госцем перадачы “Дыялогі пра культуру” стане паэт, празаік, публіцыст, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Віктар Шніп. Гаворка пойдзе пра ўплыў Янкі Купалы на яго творчасць, а таксама пра матэрыялы з апошніх нумароў літаратурна-мастацкага выдання, прысвечаныя класіку. Пра месца паэзіі народнага паэта ў беларускай культуры раскажа публіцыстычная перадача “Развагі пра літаратуру”.

Святкаванне юбілейнай даты працягнецца на канале “Культура” ў выхадныя. У суботу і нядзелю выйдуць выпускі праграмы “Радыётэатр плюс”, у межах якой прагучаць радыёспектаклі “Прымакі” па п’есе Янкі Купалы і “Паэт і Дзяўчына” па п’есе Пятра Васючэнкі, прысвечаны маладым гадам будучага класіка.

На працягу года на канале “Культура” выходзіць сумесны з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы літаратурны праект “Слухаем класіка”, дзе ў выкананні артыстаў мінскіх тэатраў гучаць вершы са зборніка “Спадчына” і каментарыі супрацоўнікаў музея да гэтых твораў.

Выбранае з тэматычнага эфірнага дня можна пераслухаць у аўдыяархіве на сайце radiokultura.by, а таксама ўбачыць на youtube-канале спецыялізаванай радыёхвалі.