"Паэтычны ветразь - 2": галасаванне

01.12.2016

З 8:00 гадзін раніцы 1 снежня да 18:00 гадзін 7 снежня 2016 года на сайце канала “Культура” праходзіць інтэрнэт-галасаванне за ўдзельнікаў Рэспубліканскага радыёконкурсу юных чытальнікаў “Паэтычны ветразь – 2”.

Колькасць інтэрнэт-галасоў будзе падсумавана з колькасцю атрыманых у лістападзе SMS-галасоў падчас эфіраў “Мэры Попінс”. Той, у каго будзе найбольшая колькасць SMS- і галасоў на сайце, стане ўладальнікам спецыяльнага прыза “Слухацкіх сімпатый” і разам з фіналістамі атрымае запрашэнне на фінал “Паэтычнага ветразя – 2” у Вялікую студыю Дома радыё.

Чытальнікі, пазначаныя зорачкай (*), удзельнічаюць толькі ў пазаконкурснай праграме. Аддаваць за іх галасы на сайце дазваляецца.

Імёны фіналістаў стануць вядомы 15 снежня. Незалежна ад колькасці галасоў на сайце і SMS-галасоў, іх выбірае аргкамітэт конкурсу.Згодна з умовамі, іх будзе па 15 чалавек у малодшай і ў старэйшай узроставых намінацыях.

Фінал конкурсу “Паэтычны ветразь – 2” запланаваны на 23 снежня ў Вялікай студыі Дома радыё.

Ацэньваць фіналістаў і вызначаць пераможцаў, уладальнікаў 1-га, 2-га, 3-га месца ў абедзвюх узроставых намінацыях будзе прафесійнае журы. У яго склад ўвойдзе галоўны рэдактар часопіса “Рюкзачок” Вольга Ваніна. Выданне выступіла інфармацыйным партнёрам конкурса, лепшыя аўдыязапісы чытальнікаў-фіналістаў будуць размешчаны ў мультымедыйным дадатку часопіса “Рюкзачок”.

Прызы пераможцам (уладальнікам 1-га, 2-га, 3-га месца і прыза слухацкіх сімпатый) рыхтуе і сябар канала “Культура” кампанія “Дайнова”.

Сёлета спаборніцтва прымеркавана да аб’яўленага ў Беларусі Года Культуры і 15-годдзя канала “Культура” Беларускага радыё і прысвечана юбілеям класікаў беларускай літаратуры Кандрату Крапіве і Максіму Багдановічу.

За апошнімі навінамі праекта сачыце на сайце канала “Культура”.


Увага! Усе імёны ўдзельнікаў пададзены ў адпаведнасці з напісаннем у пашпартах.