Тэкст дыктоўкі да Дня роднай мовы

Дата гонару і памяці

Дзявятае мая – асаблівая дата для кожнага беларуса. Гэта дата гонару за Перамогу, прасякнутая глыбокай удзячнасцю старэйшаму пакаленню, якое адстаяла свабоду і незалежнасць Айчыны, пазбавіла свет ад фашызму. Дата светлай памяці пра мільёны людзей, якія аддалі свае жыццё ў імя будучыні. Колькі подзвігаў здзейснена, колькі крыві праліта на шматпакутнай беларускай зямлі! Таму памяць пра Вялікую Айчынную вайну ў нашай краіне застаецца святой, жывой, балючай. Вернасць ёй захоўваюць у кожным беларускім доме, у кожнай сям’і.
Сёння, праз восемдзесят гадоў, мы бачым, як важна не толькі зберагчы памяць пра вайну, але і вынесці яе ўрокі. Вайна вучыць шанаваць самыя простыя рэчы: усмешку дзіцяці, шум лесу, цішыню мірнага дня. Мы добра ўсведамляем, што сіла народа – у яго адзінстве, а галоўнае багацце – гэта мір. Мір – гэта магчымасць жыць, марыць, будаваць, любіць і гадаваць дзяцей пад чыстым небам. Гэта магчымасць размаўляць на роднай мове, захоўваць свае традыцыі і культуру, перадаваць іх наступным пакаленням.
Памяць аб вайне – гэта не толькі смутак, але і напамін пра тое, каб мы цанілі кожны мірны дзень, бераглі адзін аднаго і ніколі не забывалі, якім коштам дастаецца мір. І кожны беларус, узгадваючы гераічнае мінулае, абавязкова павінен задумацца пра тое, што ён можа зрабіць для будучыні.

Фота - csl.bas-net.by