13.01.2021
"Простае чараўніцтва": у сталічным Музеі гісторыі беларускага кіно стартавала рэтраспектыва анімацыйных фільмаў Аляксандра Ленкіна, прымеркаваная да 60-годдзя вядомага рэжысёра-аніматара. На кінастудыі "Беларусьфільм" ён прайшоў шлях ад мастака-фармоўшчыка да рэжысёра карцін, прызнаных на міжнародных фестывалях.
У праграме 15 стужак. Гэта работы для дзяцей і дарослых; і аўтарскія, і тыя, што здымалі ў калектыве. Адзін з самых вядомых мультфільмаў ‒ пра рэактыўнае парася, зняты ў 2007 годзе. Ёсць і стужкі па матывах народных казак – "Церам-Церамок", "Дзед". У мультфільме “Птаха” пра пастуха і маленькую ластаўку гучаць варыяцыі на тэмы Моцарта.
Рэтраспектывай фільмаў Аляксандра Ленкіна адкрываецца вялікая праграма да юбілею беларускай анімацыі. Сёлета ёй спаўняецца 50.
Фота: afisha.relax.by