Гісторыя канала "Культура"

Дом радыё ў Мінску на Чырвонай, 4


Канал “Культура” нарадзіўся ў працэсе рэформы, якая ішла напрыканцы 2001 года на Беларускім радыё. Да яе Беларускае радыё некалькі дзесяцігоддзяў мела амаль нязменныя структуру і сетку вяшчання. Было прынята рашэнне арганізаваць некалькі спецыялізаваных станцый, якія павінны былі максімальна ахапіць і задаволіць усю патэнцыяльную аудыторыю слухачоў. Ідэя канала “Культура” – забяспечыць кантэнтам адукаванага, цікаўнага, духоўна багатага слухача. 1 студзеня 2002 года ў эфіры ўпершыню прагучалі пазыўныя канала “Культура”. Першым дырэктарам стала Кацярына Агеева.

Дырэктар канал "Культура" у 2002-2016 гг. Кацярына Агеева

 

Першапачаткова эфір канала складаўся ў асноўным з буйных фондавых матэрыялаў: музычных і літаратурна-мастацкіх твораў. Аднак неўзабаве стала відавочна, што такое радыё не збярэ вялікую аўдыторыю. Да таго ж, паняцце “культура” значна шырэй, чым аудыяфонды.

Аналагавы магнітафон


У аснову канцэпцыі новага канала лягла ідэя папулярызацыі нацыянальнай культуры ў кантэксце сусветнага культурнага працэсу. Практычна адразу сфармуляваўся і дэвіз “Культуры”: “Мы выбіраем вечныя каштоўнасці”. Бадай толькі канцэпцыя і дэвіз засталіся нязменнымі за амаль пятнаццаць гадоў вяшчання канала. Астатнія складнікі панняцця “радыёканал”: сетка і працягласць вяшчання, змест і фармат праектаў, калектыў штатных і пазаштатных аўтараў, афармленне – усё гэта неаднаразова мянялася, фільтравалася і ўдасканальвалася.

На той час падобных спецыялізаваных радыёканалаў не існавала ў постсавецкім эфіры. Таму канал “Культура” Беларускага радыё першым апрабаваў новыя журналісцкія ідэі, выпрацаваў прынцыпы вёрсткі праграмы, знайшоў сваю стылістыку. Слухачы канала “Культура” – людзі вельмі дасведчаныя ў пытаннях гісторыі, літаратуры і мастацтва, таму ў вядучых павінны быць не проста высокі ўзровень эрудыцыі, але глыбокія веды і здольнасць цікава разважаць на абстрактныя тэмы. Інакш слухачы зловяць іх на памылцы ці недакладнасці, а сумныя, без свежых ідэй, гутаркі проста не будуць слухаць.

 

Супрацоўнікі і знакавыя праекты

Акрамя радыё-мэтраў, касцяк калектыву канала “Культура” складаюць прадстаўнікі маладога пакалення журналістаў, музыказнаўцаў, музыкантаў, культуролагаў, філолагаў, якія забяспечваюць самую дінамічную і “жывую” частку эфіра канала. Менавіта моладзь канала была і засталася арганізатарам самай дынамічнай і крэатыўнай часткі эфіра: Святлана Колмак, Наталля Драздова, Юлія Церахава, да якіх неўзабаве далучыліся Уладзімір Трапянок, Таццяна Гулевіч, Віктар Кісцень, Іна Наркевіч і Вольга Антоненкава.

Калектыў другога сезону канала "Культура. Верхні рад: Юлія Церахава, Наталля Драздова, Кацярына Агеева, Іна Наркевіч, Святлана Колмак. Ніжні рад: Наталля Сіротка,
Уладзімір Трапянок, Кацярына Грыцэнка, Вольга Гальпяровіч


На пачатку канал “Культура” вяшчаў 17 гадзін у суткі і большую частку эфіру складалі матэрыялы з фондаў Беларускага радыё. Сёння канал гучыць круглыя суткі. У яго арсенале сучасныя праекты па самых розных аспектах шматграннага паняцця “культура”. Гэта і музычныя праграмы ад класікі да акустычнай музыкі, і літаратурна-мастацкія пастаноўкі і чытанні, і асветніцка-пазнавальныя праекты, і культуралагічныя дыскусіі і гутаркі, і штодзённы праект для дзяцей “Мэры Попінс”, і аўтарскія публіцыстычныя праграмы, і ранішняя двухгадзінная інфармацыйна-музычная праграма “У рытме дня”, і забаўляльны эфір абеду “У кампаніі з "Культурай"”, і навіны, якія гучаць у эфіры кожныя дзве гадзіны.

Увогуле, супрапацоўнікі службы навін на канале – самы крэатыўны і мабільны атрад калег, які па прынцыпе ўзаемазамяняльнасці і ўзаемавыручкі забяспечвае ледзь ці не самую важкую частку эфіру. Пачынала арганізоўваць службу навін канала “Культура” малады журналіст Святлана Колмак. Працягнуў і зараз кіруе інфармацыйнай службай выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Уладзімір Трапянок.

Уладзімір Трапянок у студыі канала "Культура"


Калектыў канала “Культура” пастаянна папаўняецца маладымі супрацоўнікамі і аўтарамі, якія прыносяць у эфір новыя ідэі, маладую энергію і свежы погдяд. Нядаўнія выпускніцы Інстытута журналістыкі БДУ Марыя Дуброўская, Вікторыя Грыб, Вольга Груша, Аляксандра Грэчка і Юлія Ішмуратава, якія прыйшлі да нас па размеркаванні некалькі гадоў таму, сёння трывала занялі свае нішы ў эфіры і знайшлі сваіх прыхільнікаў.

Адна з самых папулярных перадач мінулых гадоў – бадай, краязнаўчая праграма “Два кіламетры” (2006–2013). Яе аўтар, Наталля Сіротка (Буландо), вандравала па краіне і расказвала пра розныя яе куткі праз прызму ўласнага ўспрымання, якому ўласціва назіральнасць, арыгінальнасць погляду на рэчы і з’явы і гранічны патрыятызм.

Наталля Сіротка (Буландо) на запісе праграмы "Два кіламетры". Фота Марыны Бацюковай


Галоўнай каштоўнасцю канала сталі пазаштатныя аўтары і вядучыя з ліку знакавых асоб беларускай культуры. Яны дапамаглі пашырыць тэматыку канала і надалі глыбіні яго аналітычнаму вяшчанню. У пачатку гісторыі канала “Культура” з ім супрацоўнічалі музыказнаўцы Вольга Дадзіёмава і Ірына Мільто і мастак Сяргей Крыштаповіч. Сёння з каналам “Культура” працягваюць супрацоўнічаць мастацтвазнаўцы Алег Ойстрах, Юрый Іваноў і Мікалай Паграноўскі, літаратуразнаўцы Пятро Васючэнка і Аляксандр Гарбачоў, кінакрытык Людміла Саянкова-Мяльніцкая, музыкант і шоумэн Сяргей Пукст і многія іншыя.

Вопытным журналістам, музыказнаўцам, літаратарам, таксама падалася цікавай ідэя новага канала. Яны прапанавалі свае праграмы ў сетку “Культуры”. Некаторыя з іх перажылі некалькі сезонаў і складаюць нязменную аснову, да якой далучаюцца іншыя ідэі і праграмы. Сярод іх аўтарская праграма літаратурнага журналіста Галіны Шаблінскай “Гаспода”. З году ў год яна назірае за сучасным літаратурным працэсам у Беларусі. Праект музыказнаўцы Таццяны Песнякевіч “Майстар-клас” знаёміць слухачоў з творчасцю сучасных беларускіх кампазітараў. Яна ж аўтар “Гасцінца” – праграмы пра беларускі фальклор. У доўгажыхарах таксама, бадай, самыя папулярныя праекты: “Вечары на канапе”, прысвечаныя рэтра-музыцы, і “Бестселер” – літаратурныя чытанні выдатных твораў сусветнай літаратуры ў выкананні лепшых беларускіх артыстаў.

Так паступова, ад сезона да сезона, канал “Культура” стаў тым, чым ён з’яўляецца сёння: стыльным па афармленні, глыбокім па зместе, сучасным па формах падачы матэрыялу. Менавіта такім ён заваяваў сваю слухацкую аўдыторыю, у якой прадстаўнікі самых розных слаёў насельніцтва краіны: ад паляводаў і рабочых да акадэмікаў і майстроў мастацтваў. Менавіта такі дыяпазон сваіх прыхільнікаў мы збіраем падчас прэзентацый канала. Аб’ядноўвае ўсіх гэтых розных па ўзросту, адукаванасці і жыццёвым вопыце людзей цікавасць да гісторыі і культуры роднай краіны, любоў да высокага мастацкага слова і класічнай музыкі, аналітычны падыход да з’яў і падзей у жыцці, літаратуры і мастацтве. Мы працуем для інтэлектуалаў, якія рады знайсці ў беларускім эфіры аднадумцаў і, разам з тым, стараемся пашыраць кола нашых слухачоў. Так з’явілася ідэя стварыць штодзённы гадзінны праект для дзяцей. Яго ўзялася распрацоўваць журналіст і здольны арганізатар Таццяна Гулевіч, якая стварыла вельмі дружную і актыўную творчую групу. Так на “Культуры” з’явіўся праект для дзяцей і пра дзяцей “Мэры Попінс”. Яго слухачамі і ўдзельнікамі ў першую чаргу сталі актыўныя, захопленыя дзеці, таленавітыя і амбіцыйныя. Ім падабаецца магчымасць расказаць пра свае поспехі ў эфіры.

З цягам часу з’явіліся тэхнічныя магчымасці правядзення прамых трансляцый канцэртаў з розных пляцовак краіны. У калектыў прыйшлі маладыя спецыялісты, якім было цікава працаваць менавіта ў такім рэжыме і якія падключыліся да арганізацыі трансляцый. Так, у прыватнасці, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Віктар Кісцень разам з ветэранам радыё музыказнаўцай Людмілай Мітаковіч пачыналі забяспечваць усе прамыя трансляцыі беларускай музыкі ў эфіры канала. Лепшыя запісы канал “Культура” таксама накіроўвае ў так званы “сусветны абменны канцэртны фонд”, арганізаваны Еўрапейскім вяшчальным саюзам, членам якога з’яўляецца Белтэлерадыёкампанія. У сваю чаргу, любы канцэрт з гэтага фонда можна ўзяць для трансляцыі на канале. Так з’явілася праграма “Канцэртная зала”. Такім чынам, з дапамогай канала “Культура” беларускія меламаны ў курсе апошніх музычных падзей свету. Гэтак жа, як і беларускія канцэрты становяцца даступнымі меламанам з усяго свету.

Прамая трансляцыя канцэрта ў Вялікай студыі Дома радыё. Струнная група Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі, дырыжор Валерый Сарока. Вядучы Віктар Кісцень

Радыёспектаклі, пастаноўкі, мастацкія чытанні з фонда Беларускага радыё трансліраваліся з першых дзён работы канала “Культура”. Паставіць арыгінальныя творы гэтых жанраў не было магчымасці з-за капітальнага рамонту ўсіх гуказапісных студый. Разам з тым, хацелася прапанаваць слухачам новыя творы і новыя трактоўкі. Выйсцем сталі мастацкія чытанні літаратурных твораў у прамым эфіры. Так у эфіры канала з’явіліся штодзённыя праграмы “Бестселер”, дзе чыталіся творы сусветнай літаратуры, і “Беларуская анталогія”, якая пазней трансфармавалася ў “Літаратурную анталогію”, дзе слухачы ўспамінаюць класіку і знаёмяцца з новымі творамі беларускай літаратуры.

У фанатэцы Дома радыё. Фота Марыны Бацюковай


Далёка не ўсе мэтры беларускай сцэны рызыкнулі выконваць літаратурныя творы ў рэжыме анлайн. Аднак многія здолелі адчуць драйв ад працы ў такім рэжыме, сталі нашымі пастаяннымі чытальнікамі і лічаць гэты эфірны вопыт цікавай часткай сваёй прафесійнай біяграфіі. Так, нарыклад, кнігу эсэ Янкі Сіпакова “Зялёны лісток на планеце Зямля” у прамым эфіры прачытала народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, а раман Скота Фіцджэральда “Вялікі Гэтсбі” – артыст Аляксандр Аўчыннікаў. З часам чыткі ў прамым эфіры ўдасканаліліся настолькі, што рэжысёры пачалі аздабляць іх не проста фонавай музыкай, але некалькімі музычнымі тэмамі, якія дапамагалі стварэнню вобраза таго ці іншага героя або настрою ў той ці іншы момант развіцця падзей. Такім чынам чытанні ў прамым эфіры станавіліся ўсё больш дасканалымі і арганічнымі.

Арганічна працягнулі літаратурныя чытанні у эфіры канала “Культура” аўдыяверсіі рамана Джаан Роўлінг “Гары Потэр і філасофскі камень” і кнігі Януша Корчака “Кароль Мацюсь Першы” у перакладах на беларускую мову і ў выкананні артыста Аляксандра Аўчынікава.

 

Спецпраекты і акцыі

Акрамя радыёэфіру, калектыў канала “Культура” прыдумвае культурныя акцыі. З 2014 года творчая каманда канала “Культура” арганізуе канцэрты і творчыя сустрэчы са слухачамі ў горадзе, прызнаным культурнай сталіцай бягучага года. У чэрвені 2014 у Гродне адбылася творчая сустрэча супрацоўнікаў канала “Культура” са слухачамі з удзелам ансамбля даўняй музыкі “Кантабіле” і акцёра Алега Вінярскага. Таксама ў Новым замку экспанавалася фотавыстава Марыны Бацюковай “Радыё “Культура”: візуялізацыя”, якая прыадкрыла загадкавыя тайны творчай радыёкухні.

У маі 2015 у Брэсцкай абласной філармоніі артысты-сябры канала “Культура” падтрымалі прэзентацыі рэдактараў у акцыі “Радыё “Культура” прадстаўляе”. Перад гледачамі выступілі камерны аркестр і ансамбль “Крэсіва” Брэсцкай абласной філармоніі, ансамбль “Класік-джаз-трыа” пад кіраўніцтвам вядомай піяністкі Таццяны Старчанка, салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Дзіна Трухан-Багданава, акцёр і рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі. Юныя артысты-ўдзельнікі праграмы для дзяцей і пра дзяцей “Мэры Попінс” таксама не засталіся ў баку. Лаўрэат дзіцячых рэспубліканскіх і міжнарожных вакальных конкурсаў Саша Няхай і пераможца паэтычнага конкурсу да 70-годдзя Вялікай Перамогі (сумесны праект “Мэры Попінс” і часопіса “Кважды-ква”) васьмігадовая Вікторыя Эскіна.

“Класік-джаз-трыа” пад кіраўніцтвам Таццяны Старчанка


Саша Няхай і Вікторыя Эскіна


У чэрвені 2016 канал “Культура” арганізаваў інфармацыйную падтрымку Нацыянальнаму фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне і вёў прамыя эфіры з месца падзей

Марыя Дуброўская і Віктар Кісцень у мабільнай студыі канала "Культура" у Маладзечне


Сацыяльна значныя праекты арганізуе кіраўнік творчай групы і аўтар праграмы “Мэры Попінс” Таццяна Гулевіч. У 2014 яна прыдумала праект “Усе дзеці таленавітыя” сумесна з дзецьмі, якімі апякуецца Грамадская арганізацыя “Беларускі дзіцячы фонд SOS дзіцячая вёска”. На працягу двух з паловай месяцаў штотыднёва ў эфіры яна распавядала пра асобна ўзятую сям’ю, дзе гадаваліся дзеці з няпростым лёсам, апантаныя творчасцю. Адначасова з гэтым кожная SOS-сям’я рыхтавала творчы нумар. У фінале ў Міжнародны дзень сям’і Вялікая студыя Дома радыё прымала гасцей з сумесным канцэртам, складзеным з падрыхтаваных творчых нумароў, і выставу дзіцячых малюнкаў і вырабаў.

Аляксандра Грэчка тлумачыць, у якім парадку сем'і будуць выступаць у Вялікай студыі Дома радыё


Дамашняе пячэнне ад SOS-сям'і Іны Паляковай з Мар'інай Горкі


Праз два гады, у 2016, Таццяна Гулевіч арганізавала праект “Усе дзеці таленавітыя–2” сумесна з Грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”. Фіналам пятнаццаці інтэрв’ю, якія тры месяцы гучалі ў эфіры канала “Культура” стаў інклюзіўны канцэрт у Міжнародны дзень абароны дзяцей. Творчыя работы для экспазіцыі і выступленні прадставілі як дзеці, якімі апякуецца Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”, так і юныя артысты-прыхільнікі праграмы.

Удзельнікі інклюзіўнага праекта "Усе дзеці таленавітыя - 2"