Гісторыя канала "Культура"

Дом радыё ў Мінску на Чырвонай, 4

Канал “Культура” з'явіўся ў выніку рэформы, якая ішла ў канцы 2001 года на Беларускім радыё. Тады было прынята рашэнне арганізаваць некалькі спецыялізаваных станцый, якія павінны максімальна ахапіць і задаволіць усю патэнцыяльную аўдыторыю слухачоў. Ідэя канала “Культура” – забяспечыць кантэнтам адукаванага, цікаўнага, духоўна багатага слухача. 1 студзеня 2002 года ў эфіры ўпершыню прагучалі пазыўныя канала “Культура”. Першым дырэктарам стала Кацярына Агеева.

Дырэктар канала "Культура" ў 2002-2016 гг. Кацярына Агеева

Першапачаткова эфір канала складаўся ў асноўным з буйных фондавых матэрыялаў: музычных і літаратурна-мастацкіх твораў. Неўзабаве стала відавочна, што такое радыё не збярэ вялікую аўдыторыю. Да таго ж, паняцце “культура” - значна шырэй, чым аўдыяфонды.

Аналагавы магнітафон. Сёння на ім ідзе "перавод" плёнак у лічбавы фармат

У аснову канцэпцыі новага канала пакладзена ідэя папулярызацыі нацыянальнай культуры ў кантэксце сусветнага культурнага працэсу. Практычна адразу сфармуляваўся дэвіз “Культуры”: “Мы выбіраем вечныя каштоўнасці”. Бадай, толькі канцэпцыя і дэвіз засталіся нязменнымі за больш чым дваццаць гадоў вяшчання канала. Астатнія складнікі паняцця “радыёканал” (сетка і працягласць вяшчання, змест і фармат праектаў, калектыў штатных і пазаштатных аўтараў, афармленне) неаднаразова змяняліся, удасканальваліся.

На той час падобных спецыялізаваных радыёканалаў не існавала ў постсавецкім эфіры. Таму канал “Культура” Беларускага радыё першым апрабаваў новыя журналісцкія ідэі, выпрацаваў прынцыпы вёрсткі праграмы, знайшоў сваю стылістыку. Слухачы канала “Культура” – дасведчаныя ў пытаннях гісторыі, літаратуры і мастацтва, таму ў вядучых павінен быць не проста высокі ўзровень эрудыцыі, але глыбокія веды і здольнасць цікава разважаць на абстрактныя тэмы. Інакш слухачы зловяць іх на памылцы ці недакладнасці, а сумныя, без свежых ідэй, гутаркі проста не будуць слухаць.

Супрацоўнікі і знакавыя праекты

Акрамя радыёмэтраў, касцяк калектыву канала “Культура” складаюць прадстаўнікі маладога пакалення журналістаў, музыказнаўцаў, музыкантаў, культуролагаў, філолагаў, якія забяспечваюць самую дінамічную і “жывую” частку эфіру канала. Менавіта моладзь была арганізатарам самай дынамічнай і крэатыўнай часткі эфіру: Святлана Колмак, Наталля Драздова, Юлія Церахава, да якіх неўзабаве далучыліся Уладзімір Трапянок, Таццяна Гулевіч, Віктар Кісцень, Іна Наркевіч і Вольга Антоненкава.

Калектыў другога сезону канала "Культура". Верхні рад: Юлія Церахава, Наталля Драздова, Кацярына Агеева, Іна Наркевіч, Святлана Колмак. Ніжні рад: Наталля Сіротка,
Уладзімір Трапянок, Кацярына Грыцэнка, Вольга Гальпяровіч

Спачатку канал “Культура” вяшчаў 17 гадзін у суткі, большую частку эфіру складалі матэрыялы з фондаў Беларускага радыё. Сёння канал гучыць поўныя суткі. У яго арсенале - сучасныя праекты па самых розных аспектах шматграннага паняцця “культура”. Гэта музычныя праграмы ад класікі да акустычнай музыкі, літаратурна-мастацкія пастаноўкі і чытанні, асветніцка-пазнавальныя праекты, культуралагічныя дыскусіі і гутаркі, аўтарскія публіцыстычныя праграмы, навіны, якія гучаць у эфіры кожныя дзве гадзіны.

Супрацоўнікі службы навін на канале – самы крэатыўны і мабільны атрад калег, які па прынцыпе ўзаемазамяняльнасці і ўзаемавыручкі забяспечвае самую аператыўную частку эфіру. Пачынала арганізоўваць службу навін канала “Культура” Вольга Гальпяровіч, затым яе ўзначальвалі Святлана Колмак, Уладзімір Трапянок і Вікторыя Грыб. Сёння кіраўнік аддзела - Святлана Колмак.

Уладзімір Трапянок у студыі канала "Культура"

Калектыў канала “Культура” пастаянна папаўняецца маладымі супрацоўнікамі і аўтарамі, якія прыносяць у эфір новыя ідэі, маладую энергію і свежы погляд.

Адна з самых папулярных перадач мінулых гадоў – краязнаўчая праграма “Два кіламетры” (2006–2013). Яе аўтар Наталля Сіротка (Буландо) вандравала па краіне і расказвала пра розныя яе куткі праз прызму ўласнага ўспрымання, якому ўласціва назіральнасць, арыгінальнасць погляду на рэчы і з’явы, патрыятызм.

Наталля Сіротка (Буландо) на запісе праграмы "Два кіламетры". Фота Марыны Бацюковай

Галоўнай каштоўнасцю канала сталі пазаштатныя аўтары і вядучыя з ліку знакавых асоб беларускай культуры. Яны дапамаглі пашырыць тэматыку канала і надалі глыбіні яго аналітычнаму вяшчанню. У пачатку гісторыі канала “Культура” з ім супрацоўнічалі музыказнаўцы Вольга Дадзіёмава і Ірына Мільто, мастак Сяргей Крыштаповіч, мастацтвазнаўцы Надзея Высоцкая і Мікалай Паграноўскі, літаратуразнаўцы Пятро Васючэнка і Аляксандр Гарбачоў, музыкант і шоумэн Сяргей Пукст, спявак Віктар Скорабагатаў, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Таццяна Бабічі іншыя.

Вопытным журналістам, музыказнаўцам, літаратарам, таксама падалася цікавай ідэя новага канала. Яны прапанавалі свае праграмы ў сетку “Культуры”. Некаторыя з іх перажылі некалькі сезонаў і складаюць нязменную аснову, да якой далучаюцца іншыя ідэі і праграмы. Сярод іх аўтарская праграма літаратурнага журналіста Галіны Шаблінскай “Гаспода” (выхоздіць у праекце "Дыялогі пра культуру"). З года ў год яна назірае за сучасным літаратурным працэсам у Беларусі. Праект музыказнаўцы Таццяны Песнякевіч “Гасцінец” знаёміць слухачоў з беларускім фальклорам. У доўгажыхарах таксама, бадай, самыя папулярныя праекты: “Вечары на канапе”, прысвечаныя рэтра-музыцы (вядучая Рэната Патака), і “Літаратурная анталогія” – літаратурныя чытанні выдатных твораў беларускай літаратуры ў выкананні артыстаў тэатра і радыё.

Так паступова, ад сезона да сезона, канал “Культура” стаў тым, чым ён з’яўляецца сёння: пазнавальным па афармленні і настроі, глыбокім па зместе, сучасным па формах падачы матэрыялу. Менавіта такім ён заваяваў сваю слухацкую аўдыторыю, у якой прадстаўнікі розных слаёў насельніцтва краіны: ад паляводаў і рабочых да акадэмікаў і майстроў мастацтваў. Менавіта такі дыяпазон сваіх прыхільнікаў мы збіраем падчас прэзентацый канала. Аб’ядноўвае ўсіх гэтых розных па ўзросце, адукаванасці і жыццёвым вопыце людзей цікавасць да гісторыі і культуры роднай краіны і свету, любоў да высокага мастацкага слова і класічнай музыкі, аналітычны падыход да з’яў і падзей у жыцці, літаратуры і мастацтве. Мы працуем для інтэлектуалаў, якія рады знайсці ў беларускім эфіры аднадумцаў і, разам з тым, стараемся пашыраць кола нашых слухачоў. Так з’явілася ідэя стварыць штодзённы гадзінны праект для дзяцей. Яго структуру распрацоўвала журналіст Таццяна Гулевіч, якая стварыла вельмі дружную і актыўную творчую групу. У выніку на “Культуры” з’явіўся праект для дзяцей і пра дзяцей “Мэры Попінс” (сёння - "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя"). Яго слухачамі і ўдзельнікамі ў першую чаргу сталі актыўныя, захопленыя дзеці, таленавітыя і амбіцыйныя. Ім падабаецца магчымасць расказаць пра свае поспехі ў эфіры.

З цягам часу з’явіліся тэхнічныя магчымасці правядзення прамых трансляцый канцэртаў з розных пляцовак краіны. У калектыў прыйшлі маладыя спецыялісты, якім было цікава працаваць менавіта ў такім рэжыме і якія падключыліся да арганізацыі трансляцый. Так, у прыватнасці, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Віктар Кісцень разам з ветэранам радыё музыказнаўцай Людмілай Мітаковіч пачыналі забяспечваць усе прамыя трансляцыі беларускай музыкі ў эфіры канала. Так з’явілася праграма “Канцэртная зала”.

Прамая трансляцыя канцэрта ў Вялікай студыі Дома радыё. Струнная група Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі, дырыжор Валерый Сарока. Вядучы Віктар Кісцень

Радыёспектаклі, мастацкія чытанні з фондаў Беларускага радыё трансліраваліся з першых дзён работы канала “Культура”. Паставіць арыгінальныя творы гэтых жанраў не было магчымасці з-за капітальнага рамонту ўсіх гуказапісных студый. Разам з тым, хацелася прапанаваць слухачам новыя творы і трактоўкі. Выйсцем сталі мастацкія чытанні літаратурных твораў у прамым эфіры. У эфіры канала з’явіліся штодзённыя праграмы “Бестселер”, дзе чыталіся творы сусветнай літаратуры, і "Беларуская анталогія”, якая пазней трансфармавалася ў “Літаратурную анталогію”, дзе слухачы ўспамінаюць айчынную класіку і знаёмяцца з новымі творамі беларускай літаратуры.

У фанатэцы Дома радыё Іна Наркевіч і Кацярына Агеева. Фота Марыны Бацюковай

Далёка не ўсе мэтры беларускай сцэны рызыкнулі выконваць літаратурныя творы ў рэжыме анлайн. Аднак многія здолелі адчуць драйв ад працы ў такім рэжыме, сталі нашымі пастаяннымі чытальнікамі і лічаць гэты эфірны вопыт цікавай часткай сваёй прафесійнай біяграфіі. Так, напрыклад, кнігу эсэ Янкі Сіпакова “Зялёны лісток на планеце Зямля” ў прамым эфіры прачытала народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, а раман Скота Фіцджэральда “Вялікі Гэтсбі” – артыст Аляксандр Аўчыннікаў. З часам чыткі ў прамым эфіры ўдасканаліліся настолькі, што рэжысёры пачалі аздабляць іх не проста фонавай музыкай, а некалькімі музычнымі тэмамі, якія дапамагалі стварэнню вобраза таго ці іншага героя або настрою ў той ці іншы момант развіцця падзей. Такім чынам чытанні ў прамым эфіры станавіліся ўсё больш дасканалымі і арганічнымі.

Арганічна працягнулі літаратурныя чытанні ў эфіры канала “Культура” аўдыяверсіі рамана Джаан Роўлінг “Гары Потэр і філасофскі камень”, кнігі Януша Корчака “Кароль Мацюсь Першы” і "Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве" у перакладах на беларускую мову ў выкананні артыста Аляксандра Аўчынікава і многія іншыя.

Сёння арганізавана актыўнае літаратурнае чытанне для маленькіх слухачоў. Гісторыі з працягам для маленькіх гучаць з панядзелка да пятніцы ў праекце "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя".

Спецпраекты і акцыі

Акрамя радыёэфіру, калектыў канала “Культура” прыдумвае культурныя акцыі. З 2014 года творчая каманда канала “Культура” арганізоўвала канцэрты і творчыя сустрэчы са слухачамі ў горадзе, прызнаным культурнай сталіцай года ці названым цэнтрам важных культурных падзей. Мы пабывалі ў Гродне, Брэсце, Заслаўі, Маладзечне, Полацку.

“Класік-джаз-трыа” пад кіраўніцтвам Таццяны Старчанка ў Брэсцкай абласной філармоніі (2015 год)

Саша Няхай і Вікторыя Эскіна ў Брэсцкай абласной філармоніі (2015 год)

У чэрвені 2016 года канал “Культура” арганізаваў інфармацыйную падтрымку Нацыянальнаму фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне і вёў прамыя эфіры з месца падзей

Марыя Дуброўская і Віктар Кісцень у мабільнай студыі канала "Культура" ў Маладзечне 

Сацыяльна значныя праекты арганізоўвала былы кіраўнік творчай групы і аўтар праграмы “Мэры Попінс” Таццяна Гулевіч. У 2014 яна прыдумала сумесны з Грамадскай арганізацыяй “Беларускі дзіцячы фонд SOS дзіцячая вёска” праект “Усе дзеці таленавітыя”. На працягу двух з паловай месяцаў штотыднёва ў эфіры Таццяна распавядала пра асобна ўзятую сям’ю, дзе гадаваліся дзеці з няпростым лёсам, апантаныя творчасцю. Адначасова з гэтым кожная SOS-сям’я рыхтавала творчы нумар. У фінале ў Міжнародны дзень сям’і Вялікая студыя Дома радыё прымала гасцей з сумесным канцэртам, складзеным з падрыхтаваных творчых нумароў, і выставу дзіцячых малюнкаў і вырабаў.

Аляксандра Грэчка тлумачыць, у якім парадку сем'і будуць выступаць у Вялікай студыі Дома радыё

Дамашняе пячэнне ад SOS-сям'і Іны Паляковай з Мар'інай Горкі, побач з дзяўчынкамі - Таццяна Гулевіч

Праз два гады, у 2016, Таццяна Гулевіч арганізавала праект “Усе дзеці таленавітыя–2” сумесна з Грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”. Фіналам пятнаццаці інтэрв’ю, якія тры месяцы гучалі ў эфіры канала “Культура”, стаў інклюзіўны канцэрт у Міжнародны дзень абароны дзяцей. Творчыя работы для экспазіцыі і выступленні прадставілі як дзеці, якімі апякуецца Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”, так і юныя артысты-прыхільнікі праграмы.

Удзельнікі інклюзіўнага праекта "Усе дзеці таленавітыя - 2"

У 2016-2018 гг. дырэктарам канала "Культура" быў Сяргей Макарэй. У гэты час змянілася сетка і з'явілася інтэрактыўная вячэрняя праграма "Сустрэча пад вечар". Фонды папоўніліся акцёрскімі чытаннямі літаратурных твораў Валянціны Коўтун, Элізы Ажэшка, Людмілы Рублеўскай, Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, Леаніда Левановіча, Івана Мележа, Міхася Герчыка, Міхася Стральцова, Васіля Драгаўца, Кузьмы Чорнага. Былі запісаны і творы Януша Корчака і Рэкса Стаўта ў перакладзе на беларускую мову.

Працягваюцца традыцыі і радыётэатра. У красавіку 2018 адбылася прэм'ера дзіцячага спектакля паводле п'есы Таццяны Мушынскай "Падарожжа ў краіну мурашоў". У гэты ж час канал "Культура" арганізаваў радыёконкурс сучаснай п'есы «Беларускі радыётэатр у XXI стагоддзі». Найлепшай п'есай стала "Танец з рапірай" Ягора Конева. Яе прэм'ера адбылася 30 снежня 2018 г.

З красавіка 2019 г. да сярэдзіны верасня 2023 г. дырэктарам канала быў Уладзімір Трапянок.

У чэрвені 2019 г. канал "Культура" прапанаваў радыёверсію спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы "Чорная панна Нясвіжа" па п'есе Аляксея Дударава. Твор прысвяцілі 80-годдзю з дня нараджэння рэжысёра, народнага артыста Беларусі Валерыя Раеўскага. У снежні 2019 г. адбылася прэм'ера радыёверсіі спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі "Беларусь. Дыдактыка". Прэм'ера была прысвечана 80-годдзю народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель і Году малой радзімы.

У сезоне 2019-2020 гг. значна пашырылася колькасць літаратурных праграм. Напрыклад, "Паэзія ХХІ стагоддзя" знаёміла з сучаснай айчыннай вершаванай творчасцю. Публіцыстычныя праекты "Запрашаем у кнігарню" і "Кнігалюбу" расказвалі пра навінкі і падзеі ў свеце мастацкага слова, пра адметных аўтараў.

З кастрычніка 2019 г. вячэрні эфір канала "Культура" дапоўніла праграма для маленькіх слухачоў - "Вячэрняя казка". Больш за паўстагоддзя яна прапануе самай патрабавальнай аўдыторыі цікавыя гісторыі на добры сон.

Сезон 2019-2020 гг. запомніўся правядзеннем вялікіх пазаэфірных праектаў. Так, у снежні-сакавіку ў Дзяржаўным музеі Янкі Купалы адбыліся вечары "Радыё: на хвалі мастацтва", прысвечаныя 95-годдзю Беларускага радыё. Пад знакам юбілею канал "Культура" правёў конкурс п'ес "Беларускі радыётэатр 2.0". Інтэрактыўны конкурс чытальнікаў "Быў. Ёсць. Буду" прымеркавалі таксама да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. 

У снежні 2021 г. - студзені 2022 г. выходзіў спецыяльны праект "Дыялогі пра культуру: Перадзвіжнікі", створаны сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь у межах выставачнага праекта "Перадзвіжнікі. Рэалізм. Асвета. Бізнес".

Сумесны праект сезона 2022 г. - "Слухаем класіка". Яго арганізацыя адбылася пры ўдзеле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы да 140-годдзя з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі.

Са студзеня 2022 г. на "Культуры" рыхтуецца сумесны праект з расійскай радыёстанцыяй "Вера".  У 2022 г. таксама рыхтаваўся сумесны праект з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купала "Слухаем класіка" (да 140-годдзя з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі). У 2023 годзе выходзіць праект да 110-годдзя з часу выхаду зборніка Янкі Купалы "Шляхам жыцця". Выпускі, падрыхтаваныя сумесна з музеем песняра, гучаць кожную апошнюю суботу месяца ў праграме "Прачулым радком".  

У лютым 2022 года на базе журфака БДУ адбылася сумесная Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Сучасная беларуская аўдыяКУЛЬТУРА ва ўмовах цывілізацыйных выклікаў", прысвечаная 20-годдзю канала "Культура". Яе вынікам стала выданне зборніка

У маі 2023 года канал аб'явіў конкурс чытальнікаў "Белая птушка", прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Маўра.

Канал пастаянна развіваецца і шукае новыя формы для папулярызацыі нацыянальных і сусветных здабыткаў. У сацыяльных сетках маюцца суполкі "Культуры". На відэахостынгу youtube.com выкладваюцца відэазапісы выбраных праектаў з удзелам экспертаў ў розных галінах культуры і мастацтва.